Калі ў друку, інтэрнэце з'явілася першая інфармацыя пра стварэнне так званай “Антыядзернай групы”, што ўзнялася супраць меркаванага будаўніцтва на Магілёўшчыне атамнай станцыі, здавалася – хутка гэта набудзе самы шырокі рэзананс. Аднак насуперак чаканням за чатыры месяцы сабрана ўсяго 1720 подпісаў. Для параўнання: пад лістом супраць заводу пестыцыдаў падпісаліся каля шасці тысяч жыхароў Дружнага і навакольных пухавіцкіх вёсак. Чаму?
Ініцыявала кампанію мясцовая пратэстанцкая нефармальная суполка “Свабода ў Госпаду”. Першапачаткова вернікі меркавалі сабраць подпісы дзеля правядзення мясцовага рэферэндуму. Чаму адмовіліся ад таго намеру? Кіраўнік суполкі Пётар Маланачкін:
“Ведаючы сітуацыю з нашымі ўладамі мы баімся, што яны зманяць. У нас ужо ёсць даволі моцная абарона – Канстытуцыя – дзе сказана пра бяз'ядзерную зону на Беларусі. Калі яны прымуць канчатковае рашэнне пра будаўніцтва, тады рэферэндум і трэба патрабаваць”.
Дзеля чаго тады хадзіць па дварах, вуліцах?
“Збіраючы подпісы, мы найперш кансалідуем насельніцтва. Паказваем: яно нешта ды значыць. Што народ і ягоны голас, пазіцыя можа ўплываць на сітуацыю”.
Пачыналі кампанію чатыры чалавекі. За чатыры месяцы да іх далучыліся яшчэ чатырнаццаць.
У шэрагу краінаў менавіта праз рэферэндумы ўдалося спыніць будаўніцтва АЭС. Менавіта так прыняла бяз’ядзерную дактрыну Аўстрыя, цалкам адмовілася ад ядзернай энергетыкі Італія, спынілі будаўніцтва новых АЭС швейцарцы… 60 працэнтаў галасоў насельніцтва японскага гораду Макі хапіла для адмовы будаўніцтва там станцыі. Гэтаксама дзякуючы мясцовым рэферэндумам былі забароненыя некалькі новабудоўляў у Расіі.
Існуе меркаванне, што будаўніцтва АЭС ажывіць эканоміку Гораччыны і сумежных раёнаў. З'явяцца новыя працоўныя месцы, будзе разбудаваныя транспартная і сацыяльная інфраструктура.
Удзельнік “Антыядзернай групы” эканаміст Андрэй Юркоў не бачыць пазітыўных эканамічных наступстваў ад будаўніцтва тут атамнай электрастанцыі. Найперш таму, што кваліфікаваных работнікаў для будоўлі АЭС у рэгіёне папросту няма, іх яшчэ трэба падрыхтаваць.
“Тая ж Смаленскага АЭС, якая ад нас не так далёка. Я там не бачыў эканамічнага ажыўлення. Лес там дзікі ды ўсё. Горацкі, Шклоўскі і Аршанскі раёны – менавіта на мяжы гэтых трох раёнаў збіраюцца будаваць АЭС – маюць вельмі ўрадлівую глебу. І будаўніцтва АЭС – наадварот, найперш удар па сельскай гаспадарцы”.
З гэтым меркаваннем не згаджаецца загадчык кафедры сельскагаспадарчай радыялогіі Горацкай сельгасакадэміі Генадзь Чарнуха. Навуковец кажа, што сапраўды вакол станцыі з'явіцца санітарная зона, дзе не будуць жыць людзі, згорнуцца сельскагаспадарчыя працы, аднак маштаб той плошчы не настолькі вялікі, каб падкасіць сельскую гаспадарку цэлых раёнаў.
Генадзь Чарнуха аднак сумняваецца, што абраная для будаўніцтва АЭС пляцоўка адпавядае ўсім тэхналагічным патрабаванням.
“Для працы атамнай электрастанцыі патрабуецца вялікая колькасць вады. Тое месца, якое называецца, не мае ні рэк, ні азёр вялікіх. Там ручаі толькі цякуць. Таму ўзнікае пытанне…”
Мясцовая ўлада пра меркаванае будаўніцтва АЭС у раёне не выказваецца. Не піша пра яго і Горацкая раёнка “Ленінскі шлях”. Тлумачыць адказны сакратар газеты Пятро Дзятліковіч:
“Я асабіста лічу яе вельмі актуальнай. Тут упушчэнне газеты. Я прыхільнік будаўніцтва, але – не ў нас. АЭС тут, у Горацкім раёне, не лепшая ідэя. Яе трэба будаваць там, дзе ёсць умовы для гэтага”.
Хіба ці не чвэрць ад усіх сабраных подпісаў супраць будаўніцтва АЭС “на рахунку” пенсіянеркі Галіны Мікшы. З якімі настроямі яна найчасцей сутыкаецца?
“Многія баяцца ставіць подпісы. Людзі кажуць, што ім сваякі тэлефанавалі з Менску і гаварылі: не падпісвайцеся, не праяўляйце свайго меркавання, бо гэта можа дрэнна для вас скончыцца, згубіце працу. У такіх правінцыйных гарадах знайсці заробак дужа цяжка”.
Ахвотней падпісваюцца маладыя людзі. Працягвае спадарыня Мікша:
“Маладыя адчуваюць, якую пагрозу нясе атамная электрастанцыя. Яны кажуць, што давядзецца з Горак з'язджаць, калі ў Кукшынава распачнецца будоўля”.
Дарэчы, вёска Кукшынава знаходзіцца за 15 кіламетраў ад Горак, за 50 – ад Магілёву і за 30 кіламетраў ад беларуска-расійскай мяжы. Другая, Краснапалянская пляцоўка, таксама на Магілёўшчыне – у Чавускім раёне. Гэта таксама побач з абласным цэнтрам. АЭС збіраюцца пабудаваць да 2020 году.
Каментар Алены Буткоўскай:
“Даволі доўга назіраю за гэтым супрацівам і бачу: ён нібыта і ёсць, але не толькі на Магілёўшчыне – па ўсёй краіне шмат людзей, якія дагэтуль не вызначыліся са сваімі адносінамі да будаўніцтва АЭС. У прыватнасці таму, што не так шмат неабходнай інфармацыі. Большасць ведае толькі афіцыйную версію, маўляў, будавацца трэба з вострых эканамічных прычынаў… Можа таму так і атрымліваецца: людзі і памятаюць пра Чарнобыль, але пакуль усё ж пераважвае эканамічны бок праблемы. Тое давіць на псіхіку, вось таму неяк вяла і неактыўна ўсё праходзіць.
Радыё Свабода
|