Горкі, Горки, Horki, Навіны Горацкага рэгіёну, Новости Горецкого региона, Горацкія навіны, Горацкі, Горкі, БДСГА, Горацкая акадэмія, сельгасакадэмія, сельскагаспадарчая акадэмія, Горецкая академия, сельхозакадемияПершая
Галоўная | Горкі | Дрыбін | Мсціслаў | Эканоміка | Дашлі сваю навіну! | Народныя навіны | Форум | Каталог спасылак | Меркаванні | Андрэй Юркоў | Нашы выданні | Акадэмія | АЭС | Інтэрв'ю | Паведамленні | Анонсы | Рэгіянальнае развіццё | Сайт | English
Папулярнае
Апытанні
Каго з кандыдатаў у дэпутаты падтрымаюць выбарцы 28 верасня?

МІЛІНКЕВІЧ

НАША НІВА

ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ

Блог Позірк

За Свабоду!

Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны

Нашыя дзеткі

Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка

ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ (ЗБМА)

Беларускі Маладзёвы Рух у Амерыцы
Шапавальства на раздарожжы
10.06.2008 г.
У Тулу не ездзяць са сваім самаварам. А ў невялічкі Дрыбін, што на Магілёўшчыне, няварта браць валёнкі. Бо тут вас літаральна “закідаюць” самымі рознымі мадэлямі! Прынамсі, так павялося спрадвеку. Шапавальства -- своеасаблівая візітка Дрыбіншчыны. Больш нідзе на Беларусі няма гэтага адметнага люду -- шапавалаў. Але ці ёсць у эксклюзіўнага промыслу будучыня? Што стаіць за правільнымі словамі пра зберажэнне каштоўнай спадчыны? І хіба не час задумацца не толькі аб музейным статусе рамяства? Бо “закансерваваць” -- шмат высілкаў нятрэба. А вось зрабіць высокадаходным заняткам, ад якога карысць па многіх накірунках. Варта добра пакумекаць! Піша спецыяльны карэспандэнт "Беларускай нівы" Іна Гармель

Пра брынду, баёк і калодкі

Цікава, адкуль ёсць і пайшоў на дрыбінскай зямлі валяльны промысел? На гэты конт, сцвярджае Жана Клімава, навуковы супрацоўнік раённага гісторыка-этнаграфічнага музея, існуюць дзве версіі.

-- Некалі месца, дзе зараз Дрыбін, было малалюдным. Толькі панскі фальварак і невялікая вёска. Каб пераўтварыць яе ў мястэчка, памешчык-уладар запрасіў сяліцца тут усіх, хто захоча. Перасяленцы са Смаленскай, Ніжагародскай губерняў і завезлі валяльны промысел. Па іншай жа версіі, былы ўласнік маёнтка аддаў некалькіх сваіх сялян вучыцца рамяству ў тую ж Ніжагародскую губерню. Ну а тыя аказаліся настолькі здольнымі вучнямі, што ад іх пакалення ў пакаленне і перадавалася шапавальства. У спадчыну...

...У музейным пакоі, на сцяне -- адметная карта. Па ёй можна вывучаць геаграфію шапавальства. У некаторых сёлах, кажа Жана, дагэтуль валяюць. Прычым не адны толькі валёнкі. Дрыбінская “фішка” як раз у тым, што і шапкі так робяць, і рукавіцы, і нават цёплыя-цёплыя коўдры!

-- Вось вам галоўны шапавальскі інструмент -- брында, -- паказвае суразмоўца. -- Прылада для рыхлення воўны. Па ёй досыць моцна стукалі байком -- і працэс ішоў шпарка! Дарэчы, ведаеце, колькі сыравіны трэба на валёнкі? На мужчынскія -- кілаграм дзвесце грамаў, жаночыя -- не больш чым 850. Ладную, правільную форму не атрымаеш без яшчэ адной прылады -- калодак.

Справа захоўваецца толькі на словах?

-- Ну, як ідзе гандаль? Мабыць, багацееце на валёнках -- майстар жа добры, так пра вас кажуць? -- гэта я ўжо дапытваюся ў Аляксандра Храпенкі, дрыбінскага энтузіяста. На жаль, аднаго з нямногіх. Эксклюзіўны промысел паціху адмірае?

-- Ат, якое там багацце! -- скептычна і крыху сумнавата ўсміхаецца Саша. -- Калі купіце ў мяне парачку, дык парадуеце, вядома. А так... Асабліва хваліцца няма чым. Пытаецеся, ці зберагаецца рамяство? Лічыце песімістам, але скажу -- хутчэй не, чым так.

-- Чаму ж?

-- Ведаеце, слоў прыгожых можна шмат нагаварыць... Ды які з гэтага плён? Глядзіце, што атрымліваецца? Каб шапавальства не знікала, абавязкова трэба авечак вырошчваць. Можа, нават, спецыялізаваныя фермы мець. А ў нас жывёліны такія рэдкія становяцца. Да таго ж, няма дзе воўну перапрацоўваць. Раней на Магілёўшчыне было каля дзесятка такіх кропак, з патрэбным абсталяваннем. Цяпер -- адна ці дзве засталіся. У Дрыбіне абсталяванне чамусьці на металалом здалі. Пра якое развіццё промыслу тут казаць можна?

Аляксандр -- хлопец дзелавы. Лішнюю капейку не ўпусціць. І на асноўнай працы шчыруе, і шапавальствам падпрацоўвае, і пчолак мае. Лічыць, чалавеку ў глыбінцы зараз асабліва няма з чаго выбіраць. Але ці можа шапавальства пракарміць? Пакуль не надта сур'ёзны, прыбытковы занятак. Але з перспектывай! Пры належнай увазе з боку дзяржавы мог бы стаць нядрэнным бізнэсам у глыбінцы. Трэба толькі ад гучных слоў пераходзіць да дзеянняў.

-- Нікому цяпер няма справы да таго, што мы не маем добрай сыравіны! -- хвалюецца шапавал-энтузіяст. -- Ці будзе ў такіх умовах моладзь цягнуцца да дзедаўскай спадчыны? Наўрад ці! Асабліва вёскам (паказвае на музейную карту) цяжка прыходзіцца. Там старыя майстры паміраюць, а маладыя -- слаба цікавяцца. Калісці ў раёне з паўсотні шапавалаў было. Цяпер засталося добра калі з дзесятак моцных, апантаных майстроў...

Досыць крытычны, трэба прызнаць, настрой у Аляксандра! Але абыякавасці ў яго дакладна няма. Кажа, што ў Дрыбіне -- дзіўна, але факт! -- дагэтуль няма асобнай, са сваім домам-аперышчам, школы шапавальства. Мае рацыю? Мне здаецца, ёсць у крытычных разважаннях шапавала шмат чаго слушнага. Напрыклад, аб стварэнні спрыяльнага бізнэс-клімату ў глыбінцы загаварылі нядаўна. Ці не позна?

-- Добра, калі можаш, як зараз, плаціць адну базавую і спакойна гандляваць на базары, -- разважае Аляксандр. -- Ды толькі няма ў мяне веры, што дадуць раскруціцца, не “дастануць” рознымі падаткамі! Чыноўнікам даўно пара зразумець: дзелавая ініцыятыва на пустой глебе не прарасце! І напісаць добрыя законы мала -- іх трэба рабіць нормай жыцця, а не чакаць, каб толькі нешматлікія энтузіясты памнажалі традыцыі. А ў школку шапавальства, не сумнявайцеся, вучні знойдуцца! Тых жа цяжкіх падлеткаў можна прылучыць. Праз колькі гадкоў і перавыхаваем, і навучым кусок хлеба з маслам зарабляць! Варта прыслухацца! Бо беспрацоўе ў сельскай глыбінцы ёсць, і часта куды больш сур'ёзнае, чым у справаздачах тых жа чыноўнікаў. Ідуць на вёску шпарка новая тэхніка, перадавыя тэхналогіі -- вызваляюцца рабочыя рукі. Людзей гэтых трэба заняць. Інакш нічога, акрамя беспрасветнага п'янства, іх не чакае. Між тым, ці задумваемся пра гэта ўсур'ёз? Ці маем стратэгію перакваліфікацыі? Ці хочам, каб не бязлюдзелі нашы сёлы? Вёска ж не толькі выканаўца прагнозных паказчыкаў, але і жывое ўвасабленне беларускасці. Не страціць бы яе! Дарэчы, ці не з заняпадам такіх арыгінальных рамёстваў, як дрыбінскае шапавальства, губляем нешта большае?

Падарунак для Прэзідэнта

Завітаем у госці яшчэ да адной майстрыхі. Шапавальства -- справа жаночая! Жыхарка Дрыбіна Любоў Фёдараўна Ціханава некалі раптоўна страціла мужа. На руках засталіся пяцёра дзетак. Як выгадаваць іх на заробак у 70 савецкіх рублёў? Вось тут і спатрэбілася яшчэ мужава навука -- валёнкі надта добрыя рабіў, а заадно і жонку прызвычаіў!

-- Валёначкі дапамаглі дзетак падняць, усім вышэйшую адукацыю даць! -- ганарыцца майстрыха. -- Цяпер, канешне, здароўе не тое. Ведаеце, каб добра валяць, галоўнае -- сілу ў руках мець! А потым ужо цярпенне, воўну добрую... Магу вам хоць зараз пар дваццаць валёнак прапанаваць -- у горадзе такога адмысловага абутку не знойдзеце! Мінулая зіма надта нявыгаднай для дрыбінскіх майстроў аказалася. Пацяпленне на планеце -- пагроза для шапавальства?

-- Цэны ўпалі сур'ёзна, да таго ж воўна нятанная, -- разважае Любоў Фёдараўна. -- Але валёначкі есці не просяць, будуць суровыя зімы -- размятуць хутка! Пакупнікі ў шапавалкі Ціханавай, зрэшты, ёсць заўсёды. Сам начальнік мясцовай міліцыі родзічам у вёску браў ажно некалькі пар. На “Дажынках” у Бабруйску майстрыха таксама нядрэнна пагандлявала. Прама перад гасцямі свята валяла -- гледачоў сабрала процьму! Нават міністры цікавіліся. Праўда, свайго самага жаданага пакупніка бабуля Люба не дачакалася.

-- Бяда невялікая -- думаю яшчэ раз трапіць на “Дажынкі”! Можа, у гэтым годзе, у Оршы, пашанцуе? Аказваецца, не прыбыткам адзіным жыве майстрыха! Даўно надумала Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку валёнкі падараваць. Хтосьці з міністраў абнадзеіў: маўляў, будзе першая асоба краіны толькі радая абноўцы. Вось толькі пра памер Любоў Фёдараўна дакладна не ведае. Але на ўсялякі выпадак зрабіла ажно да сорак пятага -- не выключана, што Прэзідэнт-такі сустрэнецца з дрыбінскай шапавалкай. Трэба мець пад рукой самую лепшую пару!

-- А як зрабіць валёнкі нязноснымі? -- цікаўлюся напрыканцы ў вельмі кампетэнтнага спецыяліста.

-- Правільна глядзець за імі! Пасля зімы не забудзьцеся добра прасушыць валёначкі. Яны вельмі ж не любяць вільгаці ды бруду -- пакладзіце чысценькімі ў сховань. А час хутка бяжыць -- не паспееце заўважыць, як зноў з маразамі спрачацца будзеце! Прагрэс прагрэсам, але на вёсцы, асабліва без майго валянага тавару, ні туды і ні сюды. І нават модніцы гарадскія, чула, да валёнак прыглядаюцца.

Што маем?

Ніхто быццам і не супраць, каб шапавальства на Дрыбіншчыне жыло, выходзіла на новы ўзровень развіцця. Але што канкрэтна робіцца, каб промысел быў не толькі музейным экспанатам? Няшмат... А хочацца нейкага крэатыву, свежага павеву. Згадзіцеся, не кожны раён Беларусі можа пахваліцца такой “фішкай”. Рамёстваў шмат, а шапавальства -- адно. Унікальнае! Валодаць такім багаццем і ганарова, і адказна. Тут без творчага падыходу не абыйсціся. Мясцовым уладам, вядома, трэба кожную капейку лічыць, але, думаецца, раскрутка шапавальнага промыслу магла б сябе акупіць. Пачаць варта са школы. А потым ці не задумацца, да прыкладу, аб стварэнні арыгінальнага турыстычнага аб'екту. Экскурсія на шапавальню, прычым дзеючую, -- чым не прынада для турыста-замежніка? Наўрад ці дзе ў Еўропе можна паназіраць, як валяюць шапкі -- магерку ці брыль? Праблема, скажаце, упіраецца ў недахоп фінансаў? Магчыма. Але пад камень, які не варушыцца, вадзіца не пацячэ! Чакаць жа, што нешматлікія энтузіясты зберагуць промысел, -- значыць, спадзявацца на цуд.

Іна ГАРМЕЛЬ,

спец. кар. “Белорусской нивы”.

На здымках: Аляксандр ХРАПЕНКА сцвярджае, што з кожным годам шапавалаў на Дрыбіншчыне становіцца ўсё меней; Любоў ЦІХАНАВА заўсёды мае што прапанаваць нават самаму патрабавальнаму пакупніку.

Фота Уладзіміра СІЗА.

Гэта цікава

Ажно да Амерыкі “дайшоў”!

Валяльны промысел на Магілёўшчыне даўней быў двух відаў -- саматужны і адыходны. Часцей адыходны. Майстры, скончыўшы палявыя работы і сабраўшы свой няхітры інструмент, звычайна пераўтвараліся ў самых сапраўдных вандроўнікаў. Іх можна было сустрэць на прасторах Расіі, Літвы, Белай Русі. Дабіраліся не тое, што да Масквы ці Кіева, нават да Еўропы! А выпадак з майстрам Шарлоўскім -- проста унікальны: няўрымслівы шапавал дапяў ажно да Амерыкі. Там і асеў. Цікава, што занятак свой не змяніў -- той нядрэнна карміў нават за акіянам! Сям'я кожны год стабільна атрымлівала ад майстра трыста рублёў, нядрэнныя па тым часе грошы.

Між іншым

915 слоў, каб... абдурыць гаспадара

Шапавалы -- надзвычай адметны люд. Яны заўсёды вылучаліся з агульнай сялянскай масы. Хітраватыя, “себе на уме”, гаворачы па-руску. Дарэчы, нават свой слэнг прыдумалі. А зваўся ён адмыслова -- “Катрушніцкі лемязень”. Гэта быў не проста прафесійны говар, а ўмоўны! Дзеля чаго прымянялі спецыяльныя 915 слоў, сэнсу якіх не ведаў ніхто, акрамя саміх шапавалаў? Па-першае, так майстры захоўвалі сакрэты свайго рамяства. Па-другое, так часам яны дурылі гаспадара, на якога працавалі. Сама назва “шапавальства” -- таксама адно з 915 таемных слоўцаў.

А я лічу так...

Дзмітрый ПІМАШЭНКА, намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама:

-- Не згаджуся з тым меркаваннем, што шапавальства ў нас не зберагаецца. Мы як раз і зрабілі акцэнт на перадачы сакрэтаў рамяства юнаму пакаленню. Сапраўды, асобнай школы шапавальства пакуль няма, але працуе гурток пры адной са школаў Дрыбіна. Лічу, гэтага дастаткова. І потым, мы ж не можам займацца толькі зберажэннем аднаго промыслу, няхай і унікальнага. Дарэчы, адчынілі мы Дом рамёстваў у Каробчыне, а філіял яго -- у райцэнтры. Там будзем салома- і лозапляценне развіваць. Ствараць гурткі шапавальства ў вёсках? Задача нялёгкая: бо зараз ужо складана будзе знайсці на месцах талковых выкладчыкаў...

 

Надвор'е ў Горках
Информация сайта pogoda.by

на форумах

Пры перадрукоўцы матэрыялаў гіперспасылка на http://horki.info абавязковая
© 2008 horki.info
кантакты | мапа сайта | пра сайт

DATE.BY | поиск, новости, работа, погода, фото | Беларусь, Минск 21.BY - Cтартовая страница Беларуси! Удобный вход на лучшие белорусские ресурсы. Web-камера - прямое вещание из центра Минска! Новости, Статьи, Знакомства, ТВ-программа, Афиша, Погода, Интернет-магазины, Объявления, Справки... Rating All.BY