|
У гэтым упэўненыя эксперты, якія выступілі на старонцы расейскай газеты «Время новостей». Беларускія ўлады наўрад ці змогуць цалкам узяць на сябе выдаткі на будаўніцтва АЭС на фоне росту коштаў на энерганосьбіты.
У канцы мая беларускія энергетыкі паведамілі, што накіравалі прапановы аб удзеле ў будаўніцтве АЭС тром кампаніям -- расейскай «Атамбудэкспарт», французскай «Арэва» і амерыкано-японскай «Вестынгаўз-Тошыба». Чакалася, што адказ будзе атрыманы на працягу месяца. Амаль не выклікала сумневаў, што адгукнуцца кампаніі Расеі і Францыі -- прадстаўнікі гэтых краінаў раней заяўлялі аб сваёй зацікаўленасці ў праекце. Аднак паўторны зварот Менска да падрадчыкаў сведчыць, што тыя пакуль не пацвердзілі сваю зацікаўленасць.
Намеснік кіраўніка даследчага цэнтра беларускага Інстытута прыватызацыі і менеджмента Ірына Тачыцкая ў гутарцы з «Временем новостей» адзначыла, што з-за росту сусветных коштаў на нафту і газ шматлікія краіны зараз задумаліся аб ядзернай энергетыцы, гэтая хваля ахапіла і краіны ЕЗ: «Аднак колькасць кампаній, якія займаюцца будаўніцтвам АЭС, сёння абмежаваная. Магчыма, падрадчыкі аддаюць перавагу мець справу з еўрапейскімі краінамі, якія, з іх пункту гледжання, з'яўляюцца больш зразумелымі і плацежаздольнымі заказчыкамі».
Пытанне аб плацежаздольнасці Беларусі, па меркаванні эксперта «ВН», з'яўляецца адным з ключавых. Раней Менск заяўляў, што мае намер пабудаваць АЭС за 4 млрд дал. Аднак дзяржава наўрад ці зможа цалкам узяць на сябе гэтыя выдаткі на фоне росту коштаў на энерганосьбіты і неабходнасці павелічэння ўкладання ў неядзерную энергетыку. Хутчэй за ўсё ўладам прыйдзецца шукаць грошы на баку. Як правіла, крэдыты на АЭС вылучаюць краіны, з якіх з'яўляецца фірма-падрадчык. «Кампаніі зацікаўленыя ў атрыманні дарагіх кантрактаў. Але магчымасці кліента вярнуць пазыку пралічваюцца вельмі выразна», -- адзначыла Тачыцкая.
Менск заяўляе, што АЭС будзе акупляльным праектам. Але, па меркаванні аналітыкаў, Беларусі наўрад ці атрымаецца экспартаваць электраэнергію, паколькі суседнія Расея і Ўкраіна ёю забяспечаныя, а краіны Балтыі маюць намер пабудаваць уласную АЭС. «Нават пры таннасці атамнай энергіі не зусім зразумела, як будзе акупляцца праект, калі станцыя будзе працаваць толькі на ўнутраныя патрэбы. Магчыма, таму падрадчыкі пакуль і не далі адказу», -- выказала здагадку Тачыцкая.
charter.97.org |
Дадаць каментарый