Аналізуючы апошнія эканамічныя навіны, як заўжды імкнуся вызначыць іх магчымы ўплыў на жыццё шараговага чалавека. А ўлічваючы, што эканоміка і палітыка моцна звязаны, паспрабуем пралічыць, як на нашы кішэні паўплываюць чарговыя заявы і дзеянні з “самага верху”.
Цэны з’ядаюць заробленае
Яшчэ год таму спецыялістам было зразумела, што павышэнне кошту газу і імпартаванай нафты рана ці позна прывядзе да рэзкага росту спажывецкіх цэнаў. Мінулы год усімі праўдамі і няпраўдамі ўрад, як мог, спыняў інфляцыю, хаця з большага на паперы, для прыгожых справаздачаў. Рэальна не даражэлі хіба што бананы да ананасы. Уласныя бульба, хлеб, крупы, каўбаса, сала ды алей рваліся ўгару амаль штодзённа. Таму нават “наша вертыкаль”, якая, напэўна, добра ўмее “ўцерці акуляры”, вымушана была прызнаць агульны рост цэнаў на харчы. Гэты рост склаў за студзень 2,5%!
Што будзе з цэнамі далей, спрагназаваць няцяжка. Зірніце, паважаныя землякі, у “жыроўкі” і ўбачце, як ірванулі з новага году кошты на газ, святло, каналізацыю… Заробкі і пенсіі апошнія паўгода пачалі рэзка “з’ядацца” інфляцыяй.
Паніка
Нядзіўна, што на “самым версе” запанікавалі. Бо спадзявацца на падтрымку простага люду ў такой сітуацыі няма чаго. Прыйшлося выпускаць юнакоў-палітвязняў Змітра Дашкевіча і Артура Фінкевіча, якія адбывалі крымінальнае пакаранне за ўдзел у “Маладым Фронце”. Услед за імі вызвалілі былога апальнага дэпутата Андрэя Клімава, які ў 1996 годзе паставіў свой подпіс пад імпічментам прэзідэнту.
Уся справа ў тым, што прагназаваны эканамістамі ў пачатку мінулага году абвал курсу нашага рубля не адбыўся толькі дзякуючы крэдытаванню нашай эканомікі замежнымі (у асноўным заходнімі) інвестарамі. Нават у Горацкім раёне пастаўкі замежнай сельгастэхнікі вядуцца апошнім часам за сродкі нямецкіх банкаў. Нашы банкаўскія ўстановы ўжо не ў стане прафінансаваць такія буйныя інвестыцыі і выступаюць толькі ў якасці тэхнічных аператараў. А заходнія палітыкі даўно ставяць нашаму “самаму верху” ўмовы для эканамічнага супрацоўніцтва: будзь мужыком, выпусці канкурэнтаў. І відаць, добра прыпякло, раз пачаў выпускаць. Але за кратамі застаецца Аляксандр Казулін, за якім яшчэ будуць гандляваць.
У даўгах па вушы
Баяцца нашым уладам ёсць чаго. Апошнія падзеі ў эканоміцы паказваюць рэальны ўзровень розуму нашых кіраўнікоў. Пад разгон і рэгулярныя пасадкі палітычных канкурэнтаў, а таксама самахвалебнае трызненне пра эканамічныя поспехі любому простаму чалавеку становіцца ўвачавідкі непрафесіяналізм, а то і простая дурасць чыноўніцтва. Калі ўся наменклатура трымціць як авечы хвост пры любой эканамічнай пагрозе з усходу, паўстае лагічнае пытанне: панове вертыкальшчыкі, а дзе ж тыя росты ВУПу, валютных рэзерваў, золата, пра якія вы кажаце апошнія дзесяць гадоў? Адказ просты. Рэзерваў у нашай дзяржаве, акрамя даўгоў, няма. І грошы, якія плаціць сёння наш урад пенсіянеру ці калгасніку, настаўніку ці лекару – гэта не нашы, заробленыя, а пазычаныя з усіх бакоў. З Расіі – праз танныя газ і нафту, з Еўразвязу – праз крэдыты і інвестыцыі, з Ірану, Венесуэлы… У саміх пакуль што атрымліваецца гандляваць толькі незалежнасцю ды палітвязнямі – самы хадавы тавар.
Таму, паважаныя землякі, бліжэйшы эканамічны прагноз не вельмі суцяшальны. Звону з тэлеэкрану, старонак “чэсных” газет пра рост дабрабыту будзе тым болей, чым меней у нашых кішэнях будзе заставацца грошай. Дай Бог, каб за чарговы заходні крэдыт выпусцілі Алянсандра Казуліна. І дай Бог нам, паважаныя землякі, пазбавіцца страху і пачаць актыўна адбудоўваць наш недабудаваны дом – Беларусь.
Андрэй Юркоў
|
Дадаць каментарый