Спытай сёння пра стан двароў і дарог любога мінака на вуліцы і адразу пачуеш шмат вельмі цікавага і пра нашы ўлады, і пра камунальшчыкаў… Але пытанне: як выправіць такі ганебны стан? Амаль усіх ставіць яно ў тупік. Адказ адзін – ніяк. У лепшым выпадку той-сёй прапануе чарговы раз “даць разгон начальству”. Ну гэта, відаць, у каго памяць кароткая. Бо так рэгулярна, як у нас, напэўна, нідзе начальства не разганяюць і не “ператрахіваюць”. А вынік адзін – “воз і ныне там”. І паступова ўсведамляю галоўнае: мае паважаныя землякі і блізка не разумеюць чаму ў нас такія жахлівыя вуліцы і, галоўнае, і блізка не разумеюць, як можна змяніць гэты занядбаны стан.
Безумоўна, простых рэцэптаў тут няма. Але галоўныя лекі ад гэтай хваробы – гэта наш актыўны ўдзел у жыцці свайго горада. Наіўна спадзявацца, што нейкае начальства ў высокім кабінеце больш за мяне турбуе ямка перад маім пад’ездам. Таксама памылкова будзе чакаць, што рамонт дарог правядуць раней за пасяўную, бо “барацьба з ураджаем” у нас справа “ўсенародная”. І самай вялікай памылкай ёсць чаканне, што які-небудзь Вася заляпае калдобіну на дарозе перад вашай хатай па тэхналогіі, а не абы-як, як заўжды, і праз невялікі час яна не з’явіцца ізноў там, дзе і была.
Каб рэальна, а не на паперы адбыліся змены да лепшага на нашых вуліцах і дварах, жыхары павінны атрымаць магчымасць кантролю за сродкамі, якія выдаткаваны на канкрэтны двор. Напрыклад, ёсць двор якога-небудзь дома. Ёсць свой дэпутат. Ёсць план добраўпарадкавання горада, за які гэты дэпутат галасаваў. Застаецца справа за малым: альбо патрабаваць ад сённяшняга дэпутата, каб патлумачыў жыхарам двара колькі сродкаў на гэты двор і ў якія тэрміны будуць ісці з бюджэту. Альбо паспрабаваць самім скласціся і выправіць праблему (што ўлады вельмі любяць). Альбо абраць іншага дэпутата, які будзе сапраўды абараняць народныя інтарэсы, а не ламаць шапку перад “вертыкаллю”. Ну і, безумоўна, раздзяліць камунгас на некалькі канкурыруючых прыватных фірмаў. Бо як працуе камунгас, ведаем усе. Але пагадзіцеся, паважаныя землякі, пры сённяшняй вытворчай структуры ён працаваць лепей ніяк не будзе. І колькі б грошаў не было ў бюджэце, камунгасу на прыстойны выгляд гораду не хопіць. А прыватныя фірмы праз конкурсы на самыя нізкія цэны і самую высокую якасць паслугаў здолелі б хутка выправіць сённяшні жахлівы стан.
Канешне, не ўсё так проста. Багата праблемаў напаткаем і на гэтым шляху. Улады пачнуць ствараць “свае” фірмы. Дэпутатаў могуць пачаць “купляць”, каб выйграваць патрэбныя заказы. Таму, паважаныя землякі, спаць у шапку нам не давядзецца. Толькі прымаючы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, адстойваючы парадак у сваім двары і на сваёй вуліцы, прымушаючы ўладу трымацца нашых інтарэсаў, мы можам зрабіць наш горад утульным і прыгожым. Справа за малым – аб’яднацца і пачаць працаваць. Упэўнены, што вынік доўга чакаць не давядзецца. Так што за справу, паважаныя землякі.
Андрэй Юркоў
|
Дадаць каментарый