Горкі, Горки, Horki, Навіны Горацкага рэгіёну, Новости Горецкого региона, Горацкія навіны, Горацкі, Горкі, БДСГА, Горацкая акадэмія, сельгасакадэмія, сельскагаспадарчая акадэмія, Горецкая академия, сельхозакадемияПершая arrow Андрэй Юркоў arrow Інвестыцыяў трэба болей
Галоўная | Горкі | Дрыбін | Мсціслаў | Эканоміка | Дашлі сваю навіну! | Народныя навіны | Форум | Каталог спасылак | Меркаванні | Андрэй Юркоў | Нашы выданні | Акадэмія | АЭС | Інтэрв'ю | Паведамленні | Анонсы | Рэгіянальнае развіццё | Сайт | English
Папулярнае
Галоўнае
Апытанні
Якім Інтэрнэтам вы карыстаецеся?

МІЛІНКЕВІЧ

НАША НІВА

ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ

Блог Позірк

За Свабоду!

Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны

Нашыя дзеткі

Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка

ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ (ЗБМА)

Беларускі Маладзёвы Рух у Амерыцы
Інвестыцыяў трэба болей
14.05.2008 г.
Вельмі прыемна было пабачыць у чарговым “Узгорку” артыкул дырэктара Горацкага маслазаводу спадара А.Крываносава, у якім ён выказаў свой пункт гледжання на пераўтварэнні, якія адбываюцца на прадпрыемстве. Сам факт, што кіраўнік прадпрыемства з павагай ставіцца да думак і поглядаў грамадскасці і пры гэтым здольны аргументавана абгрунтоўваць сваю пазіцыю выклікае павагу. Піша Андрэй Юркоў

Прафесіяналізм і веды спадара дырэктара таксама не выклікаюць аніякага сумневу. Пытанне ў іншым. За апошнія 10-15 гадоў гэта пятая ці шостая каманда (дарэчы, гэта, бадай – найбольш прафесійная), якая прыйшла ўздымаць завод, але станоўчых вынікаў пакуль не бачна і ўслед за заводам “планамерна” валяцца сельгаспрадпрыемствы раёну. Глядзець на гэта мне вельмі балюча, бо Горкі – мой родны край. Але пра ўсё па парадку.

Я асабіста пачынаў свой працоўны шлях у якасці намесніка дырэктара Горацкага МСЗ у 1996 годзе, і добра памятаю, як вяліся “гульні” з акцыямі заводу. Кіраўнікі гаспадарак сапраўды падумалі тады, што ім давядзецца ствараць аграбізнес, а не весці далей у небыццё занядбалы калгасны лад. Частку акцый тады скупіў “Белрос”, частка належала гаспадаркам раёна (і быў дадзены пэўны перыяд, за які акцыі гаспадаркі маглі выкупіць) і разам яны планавалі распачаць рэфармаванне прадпрыемства. Старшынёй праўлення акцыянераў быў абраны паважаны і дасведчаны кіраўнік М.Р.Блахін. На першых пасяджэннях праўлення разглядалася праграма тэхнічнага пераўзбраення, маркетынгавая палітыка ды іншае.

З большага праграма тэхпераўзбраення адпавядала сённяшняй. Каб прыцягнуць дадатковую сыравіну на прадпрыемства, вырашылі падняць закупачныя цэны, за што прагаласавала патрэбная большасць акцыянераў... Але назаўтра на стол дырэктара лягла тэлеграма за подпісам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Магілёўскага аблвыканкама. Сэнс быў такі: “Ваша прадпрыемства знаходзіцца ў аператыўным кіраванні аблсельгасхарчу. Цэны – назад. Ніякай самадзейнасці.” Пасля гэтай падзеі (1996 г.) усім кіраўнікам стала зразумела, што акцыянаванне – чарговая нядоўгая кампанія і рэальна свабодна працаваць улады не дадуць. Таму амаль ніхто з кіраўнікоў гаспадарак і не стаў выкупаць выдзеленыя акцыі, і праз пэўны час яны вярнуліся дзяржаве.

Дарэчы, моцна ўрэзаліся ў памяць твары, словы, імпэт кіраўнікоў у той час. Адчуўшы першы павеў свабоды як хутка змрочныя постаці надзьмутых савецкіх старшыняў пераўтварыліся ў жывых, крэатыўных, фантануючых рознымі ідэямі бізнесменаў-рэфарматараў. Я ўпэўнены, што каб тады кіраўніцтва краіны не павярнула назад, мы б мелі сёння сучасны еўрапейскага ўзроўню завод і такую ж сельскую гаспадарку ў Горацкім раёне.

Зараз жа, шукаючы выйсце з бязвыхаднай эканамічнай сітуацыі, зверху нам прапануюць чарговую авантуру ў выглядзе “павелічэння статутнага фонду”. Патлумачу. Сродкі, якія новы ўласнік інвеставаў у завод (каля 1,5 млн USD) толькі на першы погляд вялікія, а для пераабсталявання сучаснай буйной вытворчасці гэта зусім няшмат.

Планы па інвеставанні на бліжэйшыя гады гэта толькі планы. Але і там закладзеныя вельмі сціплыя грошы: 5 млн USD. Гэтага нават не хопіць, каб добра “падмарафеціць” завод, а праблема сёння ўжо значна глыбейшая. Зараз ужо не столькі завод, колькі адсталыя, занядбаныя пастаўшчыкі сыравіны (калгасы і саўгасы) з’яўляюцца галоўнай праблемай.

Свет вакол хутка змяняецца. Гаспадаркі краінаў-суседак хутка выйдуць на якасна новы ўзровень. І збываць нашу “савецкую” прадукцыю будзе амаль нерэальна. Каб пазбегнуць такога варыянту развіцця падзей, патрэбныя сапраўды буйныя інвестыцыі ў сельскую гаспадарку Горацкага раёна. Мінімум – 150–200 млн USD на бліжэйшыя 4-5 гадоў і не дзяржаўных (як правіла эканамічна не прадуманых), а менавіта прамых прыватных.

Прыняць неабходны пакет законаў, знайсці, завабіць такія інвестыцыі – вось гэта вышэйшы менеджэрскі пілатаж для ўладаў (фактычных уласнікаў маёмасці). А так атрымліваецца чарговая мітусня з амаль гарантаваным сумным вынікам, ды яшчэ за наш з вамі, паважаныя землякі, кошт.

Справа ў тым, што асноўныя сродкі пад тэхпераўзбраенне МСЗ прадстаўляюць Горацкія філіялы “Беларусьбанку” і “Аграпрамбанку”. А там ляжаць нашы ўклады. Атрымліваецца, што галоўны інвестар – простыя грамадзяне і банкі. А новы ўласнік заводу (калі атрымаецца) – прыватная фірма. Сказаць шчыра, шанцаў, што атрымаць – вобмаль. Бо ўлічваючы нерэфармаванасць эканомікі, падтрымліваць вытворчасць у сённяшнім выглядзе можа толькі доўгатэрміновы, рэзкі рост цэнаў на ежу на сусветным рынку. А гэта малаверагодна.

Атрымаць на фінішы сучасны завод і адначасова (праз заніжаныя закупачныя цэны) да канца дабіць калгасы, таксама перспектыва кепская. А губляюць гульцы-інвестары ў выніку правалу адносна не шмат. На мой погляд і ў сённяшніх умовах, не гуляючы ў гульні са зменай уласніка, дзяржава магла б значна эфектыўней весці гаспадарку. А калі і пачынаць прыватызацыю, дык разумець, што маслазавод сёння не “ласы кавалак”, які можа ўзняць чарговага “новага беларуса”. А прадпрыемства, заблытанае разам з гаспадаркамі Горацкага раёна ў клубок супярэчнасцяў, і можа пацягнуць на дно ўсю эканоміку. І толькі ўзважана, адкрыта, узгадняючы з грамадскасцю свае рашэнні, можна разблытаць гэты клубок. І дай Бог нам, паважаныя землякі, розуму і духу ў вырашэнні гэтых няпростых задач.

Андрэй ЮРКОЎ, Т. 623 61 08

 

Надвор'е ў Горках
Информация сайта pogoda.by

на форумах

Пры перадрукоўцы матэрыялаў гіперспасылка на http://horki.info абавязковая
© 2008 horki.info
кантакты | мапа сайта | пра сайт

DATE.BY | поиск, новости, работа, погода, фото | Беларусь, Минск 21.BY - Cтартовая страница Беларуси! Удобный вход на лучшие белорусские ресурсы. Web-камера - прямое вещание из центра Минска! Новости, Статьи, Знакомства, ТВ-программа, Афиша, Погода, Интернет-магазины, Объявления, Справки... Rating All.BY