Назіраючы за ходам спраў у нашай эканоміцы сапраўды пачынаю здзіўляцца: можа і законы рынку не дзейнічаюць на абшарах нашай сінявокай Беларусі? Можа наш урад выканаў камуністычны запавет і вынайшаў сапраўдны эканамічны “перпетуум–мобіле” (вечны рухавік), а нам толькі і трэба крыху пачакаць прыходу даўно абяцанага эканамічнага цуду? Сапраўды, у розных дыскусіях з адмыслоўцамі альбо ў спрэчках з простым людам часта чую: ты ўжо добрых дзесяць гадоў (а то і дваццаць) гаворыш пра заняпад, але ж неяк жывём. Здавалася б, не слабая падстава перастаць лічыць за праўду тое, чаму мяне пяць гадоў вучылі ва “ўніверы” і чаму вучыла логіка жыцця, а паверыць у шчырасць і правату сённяшніх “прарабаў рынкавага сацыялізму”. Піша Андрэй Юркоў
Але, але... Калі і кажа хто, што жывём, дык менавіта дадае што “неяк”. З гэтым “неяк” жылі нашы дзяды, бацькі. Цяпер жывём мы. І ёсць вялікія шанцы, што перададзім эстафету дзецям ды ўнукам. Калі ў Расіі і ва Ўкраіне ўлады доўгі час проста раскрадалі народнае дабро, дык нашы ўсё пакінулі, як за саветамі, гэта значыць, сабе. Але не абцяжарваліся пакуль што пераафармленнем юрыдычных правоў. Таму паколькі “ўсё вакол калгаснае”, амаль ніхто з прымаючых эканамічныя рашэнні (дырэктарат, вертыкаль) не ў стане прымаць іх эфектыўна. І не так важна чаму: з-за недахопу адукацыі альбо адсутнасць матывацыі. Галоўнае, што вялізныя нічыйныя (бюджэтныя) сродкі вылятаюць кату пад хвост і гэты працэс год ад году толькі нарастае.
Любы просты чалавек ведае, як у нас робяць, а потым адразу пераробліваць дарогі, як будуюць, а яно амаль адразу развальваецца. Як не скончыўшы сеяць, пачынаюць перасяваць.
Але гэта ўскосныя рэчы. А вось і прамыя: заробак у Расіі за красавік месяц склаў 688$, ва Ўкраіне 340$, у нас каля 390$. І, па прагнозах экспертаў, да канца года заробкі ўкраінцаў дагоняць нашы (ад сябе дадам, што там цэны значна меншыя). Ужо маўчу пра Польшчу, дзе сярэдні заробак складае 1240$, а пенсія 800$. У адказ чую: дык што Расія, там жа нафта. Але па выніках мінулага года наша краіна, па дадзеных статыстыкі, экспартавала нафты і нафтапрадуктаў у суме на аднаго жыхара болей, чым Расія. У нас няма (альбо мы пра іх пакуль не ведаем) крыважэрных алігархаў. Усё кантралюе і размяркоўвае для народа “вертыкаль”. А каб зарабіць капейчыну і, як кажуць у народзе, падняцца “хоць з пуза на калені”, простаму чалавеку трэба ехаць у Расію, гарбаціць на тамтэйшых алігархаў.
Студэнты і тыя, хто спрытнейшыя, рвуцца у Еўропу. Вось і ўвесь рэальны кошт нашай эканамічнай сістэмы і яе “народнай” улады. А яшчэ, паважаныя землякі, дадам, што сваё бачанне і разуменне эканомікі (дарэчы, яно дзіўным чынам супадае з тым, што пішуць у падручніках па эканоміцы) мяняць не збіраюся. І не таму, што такі ўпарты, а таму, што яго справядлівасць сцвярджае жыццё. Дасць Бог, яшчэ знайду магчымасць паставіць свае веды на службу роднаму краю.
|