У Мінску пры падтрымцы Руху “За Свабоду” у межах падтрыхтоўкі да “Чарнобыльскага шляху-2008” адбыўся круглы стол “АЭС – выклік cучаснасці і будучыні”.
У дыскусіі прымалі ўдзел кандыдат тэхнічных навук Юры Варонежцаў, кіраўнік сацыяльна-экалагічнага саюзу “Чарнобыль”, пісьменнік Васіль Якавенка, прафесар фізікі Рыгор Лепін, старшыня чарнобыльскай камісіі Партыі БНФ, актывіст Руху “За Свабоду”, эколаг Юры Меляшкевіч, былы супрацоўнік МЗС, актывіст Руху Карэн Акопаў ды іншыя.
Вытворчасць без прыбытку
Спецыялісты падчас абмеркавання прыйшлі да высновы, што тэза аб таннасці ядзернай энергетыкі з’яўляецца міфам. Паводле Юр’я Варонежцава, 1 кВт, атрыманы на беларускай АЭС па сціплых падліках будзе каштаваць не менш за 10 цэнтаў, а ніяк не паўтары, як сцвярджаюць пэўныя прыхільнікі ядзернай энергетыкі. Да таго ж, кошты на ядзерная паліва імкліва растуць, паколькі сусветныя запасы уранавай руды даволі абмежаваныя.
Паводле выступоўцаў, кансервацыя атамнай станцыі, утылізацыя адкідаў патрабуюць расцягнутых на дзесяцігоддзі вялізных выдаткаў. Досведу дэмантажу АЭС увогуле няма ў свеце. На думку замежных спецыялістаў, калі ядзерныя тэхналогіі выкарыстоўваць толькі ў “мірных мэтах”, для выпрацоўкі электраэнергіі, гэта вытворчасць без прыбытку.
Спадар Якавенка адзначыў, што ва ўсіх цывілізаваных краінах актыўна развіваецца альтэрнатыўная энергетыка, калі для выпрацоўкі электрычнасці выкарыстоўваецца энергія ветру, вады, сонца. Па падліках спецыялістаў, каля 40% энергіі ў Беларусі можа быць вызвалена за кошт энергазберагальных тэхналогій.
Антыядзерная кампанія ў грамадстве
На кпруглым стале бмяркоўвалася пашырэнне антыядзернай кампаніі, якая з ініцыятывы грамадскіх арганізацый пачалася год таму. Юры Меляшкевіч прапанаваў звярнуць увагу на людзей, якія адчулі на сабе наступствы аварыі, і актыўна далучаць іх да справы.
– Мы заўважылі, што да нас ахвотней за ўсё далучаюцца людзі, якія ўжо пацярпелі ад экалагічных аварый, альбо адчуваюць іх небяспеку. Пра гэта сведчыць 1,5 тысячы подпісаў сабраных супраць пабудовы АЭС у Горках, а таксама грамадскі рух супраць пабудовы расейскага заводу па вытворчасці пестыцыдаў каля п. Дружны, дзе жыве шмат перасяленцаў з забруджаных тэрыторый, – кажа Юры Меляшкевіч.
Па словах, Юрася, палітычныя партыі пакуль не падтрымалі ініцыятыву, але дасягнулі згоды у тым пытанні, што будаваць АЭС пры цяперашняй уладзе, ва ўмовах адсутнасці адкрытага, публічнага абмеркавання гэтай ідэі, нельга.
Аднавіць кантроль на дзяржаўным узроўні і інфармаваць людзей
На думку Рыгора Лепіна, па сканчэнні мараторыя на пабудову АЭС вельмі важна аднавіць працу дзяржаўнай камісіі па ацэнцы мэтазгоднасці пашырэння выкарыстання ядзерных тэхналогій у Беларусі.
– Па першае, вельмі важна аднавіць працу камісіі па ацэнцы небяспекі пашырэння ядзерных тэхналогій у краіне, якая прыпыніла сваю дзейнасць пасля ўвядзення мараторыя на будаўніцтва АЭС. Па другое, вельмі важна інфармаваць людзей пра небяспеку “мірнага атама”, бо з-за сітуацыі татальнай сакрэтнасці ў гэтай сферы, зараз нават адукаваныя людзі “плаваюць” у гэтым пытанні. Мы плануем шэраг выданняў, разлічаных на катэгорыі чытачоў з рознай падрыхтоўкай, каб чалавек пасля не мог спаслацца на сваю неінфармаванасць, – адзначыў Рыгор Лепін.
***
Удзельнікі мерапрыемства паставілі за мэту дамагацца спынення будаўніцтва АЭС на Беларусі. Дзеля гэтага вырашана пашыраць антыядзерную кампанію сярод насельніцтва. Запланавана выданне буклету, дзе будзе папулярна растлумачана небяспека і эканамічная непрывабнасць пабудовы АЭС. Выпуск брашуры для актывістаў кампаніі, а таксама кнігі для спецыялістаў, дзе будзе сабраная сусветная статыстыка, факты і лічбы па дадзенай праблематыцы знойдуць адлюстраванне ў матэрыялах навукоўцаў і грамадскіх дзеячоў Беларусі. Апошняе выданне, на думку Рыгора Лепіна, адрасавана таксама тым кіраўнікам, хто можа паўплываць на рашэнне пытання пра пабудову станцыі.
– Семінар нам дапамог сабраць усе ідэі, сістэматызаваць інфармацыю пра небяспеку АЭС і разгледзець варыянты яе данясення да большасці насельніцтва Беларусі. Нажаль, пакуль што, нашы грамадзяне не валодаюць аб’ектыўнай інфармацыяй і ўвыніку дзяржаўнай прапаганды за апошні час колькасць тых, хто не супраць АЭС падвысілася на 5%. У свеце зусім іншая тэндэнцыя. З 1991 года ў Еўропе распачата будаўніцтва толькі 1 АЭС (у Фінляндыі). У ЗША атамныя станцыі не будуюцца з 1978 году! – дадае Юры Варонежцаў.
Юры Варонежцаў
Рыгор Лепін
|
Дадаць каментарый