|
Дадаліся фотаздымкі
«Горад малады, актыўны. Некаторыя кажуць, што гэта правінцыя. Няпраўда. Такая правінцыя не бывае», – падзяліўся сваімі ўражаннямі ад візіту ў наш горад Аляксандр Мілінкевіч. Сёння агульнанацыянальны палітык і грамадскі дзеяч, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 году прайшоўся па нашых вуліцах, пабываў у «Малой Еўропе», у спартовай залі БДСГА і паўдзельнічаў у зборы подпісаў супраць пабудовы атамнай электрастанцыі пад Горкамі.
«Я езджу па краіне, гэта ўжо дзесяты горад і яшчэ хацеў бы праехаць дзевяноста. Сустракаюся з людзьмі на вуліцы, з актывістамі, з моладдзю, прадпрымальнікамі. Размаўляю, пытаюся пра жыццё, праблемы. Проста кажу, што не трэба баяцца. Гэтыя паездкі – як падняцце духу і майго, і людзей, з якімі я бачуся», – распавёў сп.Мілінкевіч у інтэрв’ю horki.info.
«Пабыў у «Малой Еўропе», дзе адбылося актыўнае абмеркаванне праблемаў прадпрымальнікаў. Назіраў з трыбуны спарткомплексу акадэміі за турнірам па міні-футболе сярод «ветэранаў». Сам вельмі хацеў распрануцца і пабегаць, бо раней прафесійна займаўся спортам. Удзельнічаў у зборы подпісаў супраць магчымай пабудовы АЭС», – апісаў свой сённяшні рабочы графік палітык.
На пытанне пра ўражанні ад Горак Мілінкевіч адказаў: «А я ўвогуле Горкі люблю. Тут мноства інтэлектуальных людзей, вялікая навучальная ўстанова, велізарны патэнцыял. Дарма некаторыя кажуць, што гэта правінцыя. Гэта нармальны сучасны горад з вялікімі перспектывамі».

У спарткомплексе акадэміі

На сустрэчы з прадпрымальнікамі

Падчас збору подпісаў супраць АЭС |