Сэр Пол Маккартні выступіць ва ўкраінскай сталіцы з вялікім канцэртам на Майдане Незалежнасці. Пра гэта паведаміў фонд Віктара Пінчука, па запрашэнні якога легендарны ўдзельнік The Beatles будзе спяваць у Кіеве. Канцэрт адбудзецца 14 чэрвеня. Уваход будзе вольны. Маккартні нібы прыняў запрашэнне ўкраінскага алігарха Пінчука, зяця экс-прэзідэнта Леаніда Кучмы, не з-за грошай.
Спадар Пінчук сцвярджае, што вырашальным аргументам у доўгіх перамовах стаў той факт, што пры бальшавіках The Beatles былі адзіным глытком свабоды для мільёнаў людзей на ўсёй прасторы СССР.
«Ідэалогія і дух The Beatles паспрыялі развіццю дэмакратычных памкненняў значнае часткі савецкага насельніцтва, якія, у рэшце рэшт, прывялі да мірнага распаду СССР і незалежнасці былых савецкіх рэспублікаў», — гаворыцца ў сумеснай заяве Фонду Віктара Пінчука і Пола Маккартні.
Магчыма, з гэтай прычыны мерапрыемства пакуль называецца Independence Concert — Канцэрт Незалежнасці.
«Трымаймася разам пад рытм рок-н-ролу», кажа сэр Пол, каментуючы свой меркаваны прыезд, запрашаючы на канцэрт усіх жадаючых. Гэта будзе «вялікі вечар, і я маю надзею пабачыць там вас усіх», — кажа ён.
Акрамя канцэрту, Фонд Віктара Пінчука прадставіць 40 карцінаў Маккартні ў Pinchukartcentre, які з'яўляецца найбуйным цэнтрам мастацтва ва Ўсходняй Еўропе. Гэта будзе першая выстава Маккартні ў нашым рэгіёне.
Нагадаем — у мінулым годзе на Майдане Незалежнасці выступаў сэр Элтан Джон. Сэр Элтан быў у Кіеве ў межах акцыі супраць СНІД, і запусціў шэраг адпаведных праектаў ва Ўкраіне разам са спадаром Пінчуком і ягонай жонкай Аленай Франчук.
Антон Тарас, Наша Ніва
|