|
З Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках былі выключаны студэнты Алесь Страчук і Дзяніс Сарокін.
Афіцыйная падстава адлічэння, аб якім хлопцы даведаліся 28 лістапада, — цякучая непаспяховасць і пропускі заняткаў. Неафіцыйная ж тое, што Алесь збіраўся балатавацца ў Горацкія мясцовыя саветы, а Дзяніс быў сябрам яго ініцыятыўнай групы. Яго "апанент", відаць, больш прыдатны для акадэміі, узначальвае ў ёй прафком, аднак не мае такой папулярнасці сярод студэнтаў, як Алесь. Дарэчы, патрэбная колькасць галасоў была сабраная, нягледзячы на выключэнне, і Алесь Страчук будзе ўдзельнічаць у мясцовых выбарах.
У выніку адлічэння ўзніклі праблемы з інтэрнатам і прапіскаю. Па інтэрнаце ходзяць чуткі пра праблемы з дэканатам, што нібыта ўзнікнуць у тых, хто аддаў свой подпіс за "няправільнага" кандыдата. Самога ж Алеся сёння па загаду прарэктара не хацелі пускаць у інтэрнат. Аднак ён усё ж здолеў туды трапіць і растлумачыць сваім аднадумцам, што такія чуткі не маюць пад сабою падстаў, бо каля 180 чалавек — занадта вялікая для дэканата лічба.
Хлопцы настроены рашуча. Зараз яны збіраюць патрэбныя дакументы, каб падаць скаргу ў Горацкі райвыканкам, а пасля і ў Міністэрства адукацыі — працэс выключэння быў праведзены з відавочнымі парушэннямі.
Для афіцыйнага выключэння адукацыйная ўстанова павінна вынесці студэнту дзве строгія вымовы, а той, у сваю чаргу, пабачыць іх на ўласныя вочы і паставіць свой подпіс пад кожнай. У выпадку з Алесем Страчуком і Дзянісам Сарокіным, вымовы былі толькі аб'яўлены, хлопцы не бачылі іх і тым больш не падпісваліся пад імі.
Калі скарга ў Міністэрства адукацыі будзе разгледжана не на карысць праўды, то наступная інстанцыя — Горацкі раённы суд.
http://edu.euro26.by
|
Дадаць каментарый