|
У Мсціславе завяршаецца рэлігійны фэст |
|
07.06.2009 г. |
Сёння адбудзецца ўрачыстае закрыццё чатырохдзённага фестывалю праваслаўнай культуры ў Мсціславе. Падчас яго з 4 па 7 чэрвеня на адкрытай пляцоўцы цэнтральнай плошчы горада і ў раённым Цэнтры культуры прайшлі выступы харавых і інструментальных калектываў, экспазіцыі, фотавыставы і нават майстар-клас па іканапісу.
Упершыню мясцовыя жыхары былі ўдзельнікамі такой маштабнай рэлігійнай падзеі. Ахвотныя маглі пабачыць здымкі з серыі “Жыццё манастыра” і “Храмы Беларусі”, наведаць экспазіцыі “Беларуская хатка” і “Праваслаўны храм”, паглядзець выставу дзіцячых малюнкаў “Фарбы свету”. Дарэчы, апошняя была падрыхтавана на ХIV Сусветную выставу дзіцячага малюнку, якая пройдзе ў японскім горадзе Канагава.
У межах фестывалю ў лепшай беларускай традыцыі выступаў лялечны тэатр “Батлейка”, прафесійны беларускі мастак Генадзь Сухамлінаў прэзентаваў свой жывапіс, аб’яднаны паэтычнай назвай “Святло Тваёй любові”, а найбольш смелыя і таленавітыя маглі паспрабаваць сябе ў вырабе абразоў і глінянай пластыцы.
Мерапрыемствы былі арганізаваныя па бласлаўленні епіскапа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія пры падтрымцы Мсціслаўскага райвыканкаму ды мінскага Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра. |
Дадаць каментарый