Горкі, Горки, Horki, Навіны Горацкага рэгіёну, Новости Горецкого региона, Горацкія навіны, Горацкі, Горкі, БДСГА, Горацкая акадэмія, сельгасакадэмія, сельскагаспадарчая акадэмія, Горецкая академия, сельхозакадемияПершая arrow Меркаванні arrow Крок да незалежнасці
Галоўная | Горкі | Дрыбін | Мсціслаў | Эканоміка | Дашлі сваю навіну! | Народныя навіны | Форум | Каталог спасылак | Меркаванні | Андрэй Юркоў | Нашы выданні | Акадэмія | АЭС | Інтэрв'ю | Паведамленні | Анонсы | Рэгіянальнае развіццё | Сайт | English
Папулярнае
Галоўнае
Апытанні
Якім Інтэрнэтам вы карыстаецеся?

МІЛІНКЕВІЧ

НАША НІВА

ЕЎРАПЕЙСКАЕ РАДЫЁ ДЛЯ БЕЛАРУСІ

Блог Позірк

За Свабоду!

Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны

Нашыя дзеткі

Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка

ЗГУРТАВАНЬНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОЛАДЗІ Ў АМЭРЫЦЫ (ЗБМА)

Беларускі Маладзёвы Рух у Амерыцы
Крок да незалежнасці
23.03.2008 г.
Аляксандр Каданчык

1. КАРОТКІ ЭКСКУРС У ГІСТОРЫЮ

Беларуская дзяржаўнасць сваімі каранямі сягае ў далёкае мінулае. На тэрыторыі сучаснай Беларусі нашымі продкамі некалі былі створаны дзяржавы, якія аказалі вялікі ўплыў на ўсходнеславянскую і еўрапейскую гісторыю.

У ІХ–ХІІІ стагоддзях існавала Полацкае княства. Старажытны Полацк быў адным з найбольш значных гарадоў на ўсходнеславянскіх землях. Палітычная вага і высокі ўзровень развіцця культуры Полацкага княства садзейнічалі згуртаванню насельніцтва. У гэты перыяд пачалося фармаванне беларускай народнасці.

У ХІІІ–ХІV ст.ст. складваецца Вялікае Княства Літоўскае. Ядром новай дзяржавы была старажытная Літва, якая знаходзілася на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. У межах ВКЛ завяршаецца працэс фармавання беларускай народнасці з этнонімам (назвай народа) літвіны. Наваградак (цяперашні Навагрудак) стаў першай сталіцай ВКЛ. У ХV ст. яно становіцца адным з наймагутнейшых дзяржаў Еўропы, а культурныя дасягненні ХV–ХVІ ст.ст. даследчыкі называюць “залатым векам” беларускай культуры. Дзяржаўнай мовай у ВКЛ была старабеларуская, на ёй працавала адміністрацыя княства, а ў 1588 г. быў выдадзены Статут ВКЛ – агульнадзяржаўны звод законаў, самы дасканалы на той час у Еўропе.

У 1569 г., перад пагрозай страты незалежнасці ў выніку вайны з Маскоўскім царствам, ВКЛ мусіла пайсці на саюз з Каралеўствам Польскім і аб’яднацца з ім у федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую. Стварэнне Рэчы Паспалітай, пры ўсіх яго адмоўных баках, дазволіла больш чым на 200 год захаваць ВКЛ як дзяржаву беларусаў і літоўцаў.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай 1772 г. большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі была далучана да Расійскай Імперыі. Другі (1772 г.) і трэці падзелы  (1795 г.) завяршылі працэс інкарпарацыі (прымусовае ўключэнне) беларускіх зямель у склад Расіі.

Расійскія ўлады пачалі ажыццяўляць працэс асіміляцыі (паглынання) беларускага этнасу шляхам яго русіфікацыі, пад якой разумеецца комплекс мэтанакіраваных дзеянняў (палітычных, ідэалагічных, культурных, рэлігійных і г.д.) дзеля змены самасвядомасці народа. Беларусы павінны былі страціць сваю этнічную адметнасць, перастаць існаваць як асобны народ, ператварыцца ў сыравіну для ўмацавання іншага, у дадзеным выпадку, рускага этнасу. Такую ж палітыку ў дачыненні да беларусаў праводзілі ў свой час і польскія кіроўныя колы, толькі называлася яна “паланізацыя”.

Асноўнымі сродкамі русіфікацыі былі школа і царква. Мова адукацыі, справаводства і набажэнстваў – руская. Гісторыя роднага краю і народа падмянялася гісторыяй Расіі, усе падзеі разглядалася з пазіцый расійскіх інтарэсаў. У якасці герояў вывучаліся асобы расійскай гісторыі. Даходзіла да абсурду: славуты для Расіі дзеяч А.Сувораў, які сам прызнаваўся, што “кровушки я пролил немало”, “праславіўся” на Беларусі тым, што ў 1794 г. знішчаў насельніцтва беларускіх вёсак за падтрымку паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Карнік, які праліў нямала “кровушки” беларусаў, падаваўся ледзь не як герой Беларусі. Невыпадкова ж у савецкія часы дзесяткі калгасаў і саўгасаў былі названы ў яго гонар. Чамусьці кадэцкая (малодшая) вайсковая вучэльня ў Мінску і цяпер называецца “Сувораўскай”.

Пры імператрыцы Кацярыне ІІ замест этноніма “літвіны” афіцыйна стала замацоўвацца назва “беларусы”. У 1839 г. пад націскам уладаў мусіла спыніць сваю дзейнасць уніяцкая царква, якая працавала на беларускай мове. У 1840 г. імператар Мікалай І падпісаў спецыяльную пастанову, у якой забаранялася афіцыйна ўжываць тэрміны “Беларусь” і “Літва”. Для абазначэння далучаных беларускіх і літоўскіх зямель уводзілася бязлікая назва “Паўночна-заходні край”. Беларусы павінны былі забыць нават сваю радаслоўную.

Знясілены шматлікімі войнамі і незлічонымі стратамі (удумайцеся ў лічбы: у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. насельніцтва Беларусі скарацілася на 53%, у час Паўночнай вайны Расіі са Швецыяй 1700–1721 гг.– на 30%, за пяць месяцаў вайны Францыі і Расіі 1812 г. – на 25%), беларускі народ цярпеў многае па прынцыпе – “абы вайны не было…”. Аднак ён не страціў сваіх глыбінных каранёў, з якіх зноў і зноў вырасталі вольналюбівыя змагары за будучыню беларусаў і Беларусі.

У складзе Расійскай Імперыі беларускае адраджэнне пачыналася з адраджэння культурнага. Памяць аб мінулым збіралі і замацоўвалі са сваімі вучнямі прафесары-гісторыкі М.Баброўскі і І.Даніловіч. Мова – душа народа. Гэтую ісціну разумелі і прапагандавалі пачынальнікі беларускага адраджэння Я.Баршчэўскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч і іншыя.

Адкрытую барацьбу з расійскім царызмам у 1863 г. пачалі паўстанцы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Высакародная мэта – вызваліцца з-пад маскоўскага прыгнёту і адрадзіць дзяржаву – не была дасягнутая. У 26 год К.Каліноўскі быў павешаны на плошчы ў Вільні. Але ідэя беларускага нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння не згінула. Яна знаходзіла ўсё новых і новых прыхільнікаў у наступныя гады.

У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у Расійскай Імперыі нарастаюць супярэчнасці ў эканоміцы, у грамадскім жыцці і ў міжнацыянальных адносінах. Усё больш праяўляліся прыкметы гістарычнага закону гібелі ўсіх імперый. У гэты час уздымаецца новая хваля беларускага адраджэння. Яе асаблівасцю было тое, што побач з моўна-культурным адраджэннем паўставалі палітычныя сілы, якія ставілі задачу аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. Адкрыта аб гэтым заявіла першая беларуская палітычная партыя Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, створаная ў 1903 г.

Расійскі царызм вытрымаў першы ўдар – рэвалюцыю 1905 г., але не здолеў супрацьстаяць у 1917 г. У лютым царызм быў звергнуты, Расія стала “самай вольнай краінай свету” (Ул. Ленін), але  пытанне аб беларускай дзяржаўнасці заставалася адкрытым.

Разнастайныя палітычныя сілы Расіі разумелі, што ў шматнацыянальнай краіне шмат што будзе залежыць ад паводзінаў розных народаў і нацыяў, пазіцыі іх палітычных лідэраў, рэлігійных і маральных аўтарытэтаў. Таму ў сваіх праграмах розныя палітычныя партыі не маглі абыйсці нацыянальныя праблемы і прапаноўвалі свае варыянты іх рашэння.

Найбольш радыкальную праграму па нацыянальным пытанні прапанавала леварыдыкальная частка Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыі (“бальшавікі”) пад кіраўніцтва Ўл. Леніна. Бальшавікі абяцалі народам тое, чаго не сказала ні адна палітычная партыя Расіі: што калі яны прыйдуць да ўлады, то будзе давацца “права нацый на самавызначэнне аж да аддзялення і ўтварэння самастойнай дзяржавы”.

Ну проста выдатна, лепш не скажаш, але што атрымалася на самой справе – аб гэтым чытайце далей.

2.  СТВАРЭННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ                             

                                                         

                                                          ”...дзень 25 сакавіка для таго, хто разумее і адчувае,               

                                                          што такое радзіма, гэта не проста святочны дзень.      

                                                          Гэта дзень, які далучае яго да зямлі, на якой ён     

                                                          нарадзіўся”

                                                                                                      

Віктар Дашук, народны артыст Беларусі,

                                                                                               кінарэжысёр.

Вынікі Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. не задаволілі значную частку насельніцтва Расіі  і  бальшавікам удалося 25 кастрычніка 1917 г. арганізаваць звяржэнне Часовага ўрада. Гэтыя падзеі Ленін і іншыя лідэры бальшавікоў доўгі час афіцыйна называлі “кастрычніцкім пераваротам” і толькі з 1927 г. была замацавана назва Кастрычніцкая (яшчэ пазней – Вялікая Кастрычніцкая) сацыялістычная рэвалюцыя.

2 лістапада 1917 г. бальшавікі зацвердзілі “Дэкларацыю правоў народаў Расіі”, у якой пацвердзілі ранейшае абяцанне даць нацыям права самім вызначаць свой лёс і нават, калі яны пажадаюць, права аддзяліцца ад Расіі і стварыць свае асобныя дзяржавы.

Ды толькі не дарма беларусы кажуць: абяцанка – цацанка, а дурню – радасць. І ў гэтым прышлося хутка пераканацца на ўласным вопыце.

У лістападзе 1917 г. па волі бальшавіцкай партыі быў створаны вышэйшы орган савецкай улады на Беларусі – Абласны выканаўчы камітэт саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (скарочана – Аблвыкамзах). Звярніце ўвагу: у доўгай назве гэтага органа няма ніякага напаміну пра Беларусь. Яна вызначана як Заходняя вобласць у межах Савецкай Расіі. Падобна таму, як у 1840 г. царскія ўлады ўвялі назву Паўночна-Заходні край. І гэта не выпадкова. Галоўную сваю мэту – захоп улады – бальшавікі рэалізавалі. Рэвалюцыйная эйфарыя захапіла настолькі, што іх апанавала ідэя сусветнай камуністычнай рэвалюцыі, а нацыянальныя праблемы яны ўжо лічылі другаснымі. Да таго ж у самім Аблвыкамзаху пераважалі франтавікі і фактычна не было беларусаў, а яго бальшавіцкія кіраўнікі – В.Кнорыньш, К.Ландэр, А.Мяснікян і іншыя – не лічылі беларусаў за нацыю, а значыць не хацелі бачыць аніякай беларускай праблемы.

Такія паводзіны бальшавіцкіх уладаў на Беларусі супярэчылі іхняй жа праграме і прынятым рашэнням. Натуральна, што беларускія патрыятычныя арганізацыі былі гэтым не задаволены. Яны лічылі неабходным існаванне на Беларусі такой улады, якая б забяспечвала рэальнае прадстаўніцтва ад розных беларускіх палітычных Беларусі і дзейнічала ў інтарэсах беларускага народа. Дзеля гэтага найбольш уплывовыя арганізацыі пагадзіліся склікаць Першы Ўсебеларускі з'езд. Галоўная мэта з'езда – вырашэнне лёсу Беларусі.

Ідэю склікання з’езду ад імя Савета Народных Камісараў Расіі падтрымаў народны камісар (міністр) па справах нацыянальнасцяў Расіі І.Сталін. Было ўзгоднена, што ўлада на Беларусі павінна належаць краёваму Савету рабочых і салдацкіх дэпутатаў, выбранаму на краёвым з'ездзе.

Да 14 снежня 1917 г. у Мінск з'ехаліся 1872 дэлегаты. Быў абраны прэзідыум, утвораны Савет (Рада) з'езда, які стаў кіроўным органам. 15-17 снежня адбылося абмеркаванне амаль усіх запланаваных пытанняў.

У пачатку 2-й гадзiны ночы 18 снежня 1917 года была абвешчана вынiковая пастанова з'езду, паводле якой: "Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае Расiйскай рэвалюцыяй, i сцвярджаючы дэмакратычны рэспублiканскi лад у межах Беларускай зямлi, для выратавання роднага краю i засцярогi яго ад падзелу i адрыву ад Расiйскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспублiкi, І Ўсебеларускi з'езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў асобе Ўсебеларускага Савету сялянскiх, салдацкiх i рабочых дэпутатаў, якi часова становiцца на чале кiравання краем, уступаючы ў справавыя дачыненнi з цэнтральнай уладай, адказнай перад Саветам рабочых, салдацкiх i сялянскiх дэпутатаў".

Звярніце ўвагу, паважаныя чытачы, з’езд не выступіў супраць савецкай улады і не ставіў задачу разрыву з Расіяй, як пазней будуць хлусіць бальшавіцкія ідэолагі і паслухмяныя гісторыкі. Наадварот, нагадаем яшчэ раз: улада перадавалася Ўсебеларускаму савету сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. Падкрэслім, што гэты пункт адпавядаў дамоўленасцям са Сталіным.

Тым не менш, адразу пасля прыняцця гэтага рашэння 18 снежня 1917 г. бальшавікі разагналі з'езд.

Узнікае пытанне: што так напалохала бальшавіцкіх лідэраў Аблвыкамзаха, калі яны прымянілі ўзброеную сілу супраць з’езду, які быў скліканы са згоды бальшавіцкіх уладаў?

А тое, што калі б у адпаведнасці з рашэннем з’езду Ўсебеларускі Савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў быў створаны, то да яго перайшло б агульнае кіраўніцтва на Беларусі. Потым дэмакратычным шляхам, праз выбары, прадугледжвалася скліканне Беларускага Ўстаноўчага Сейма.

Кіраўнікі Аблвыкамзаха ўбачылі абмежаванне іх улады. Аблвыкамзах, заставаўся, але ён быў павінен займацца франтавымі справамі. Сапраўды дэмакратычныя выбары таксама на задавальнялі бальшавікоў, бо яны не былі ўпэўнены, што атрымаюць большасць. 

Можна пералічваць іншыя матывы, якія мелі месца, аднак відавочна, што галоўную адказнасць за разгон з'езду нясуць бальшавікі. Тут яскрава праявілася іх імкненне да аднапартыйнай дыктатуры, што сталася адной з асноўных прычынаў разгарання грамадзянскай вайны.

Пасля разгону з'езду частка яго дэлегатаў сабралася ў чыгуначным дэпо і 18 (31) снежня 1917 г. дзе і было прынятае рашэнне аб перадачы краёвай улады Радзе Ўсебеларускага з'езду. 21 снежня 1917 г. Рада Ўсебеларускага з'езду абрала са свайго складу Выканаўчы камітэт з 10 чалавек.

Такім чынам, Выканаўчы камітэт стаў законным (легітымным) упаўнаважаным органам І Ўсебеларускага з’езду. Гэта важна запомніць, бо і зараз некаторыя аўтары спрабуюць аспрэчыць легітымнасць рашэнняў Выканкама.

Далей падзеі разгортваліся наступным чынам.

Савецкі ўрад меў намер кінуць сваіх саюзнікаў (Англію і Францыю), заключыў перамір’е і вёў з немцамі перагаворы аб сепаратным міры. Але яны поспеху не мелі і 18 лютага 1918 г. немцы зноў пачалі наступленне. Бальшавіцкі Аблвыкамзах, не здолеўшы абараніць Беларусь ад нямецкай акупацыі, 19 лютага ўцёк у Смаленск. З гэтага дня парадак у Мінску падтрымлівалі беларускія сілы.

У такіх варунках Выканкам Рады Ўсебеларускага з'езда, які выйшаў з падполля, абвясціў сябе найвышэйшай уладай на Беларусі і вылучыў са свайго складу першы беларускі ўрад – Народны Сакратарыят Беларусі начале з Язэпам Варонкам. Аб гэтым паведамлялася ў Першай устаўнай грамаце да народаў Беларусі, апублікаванай 21 лютага 1918 г. Аднак незалежнасць Беларусі яшчэ не была абвешчана.

У гэты ж дзень у Мінску з’явіліся немцы. Як вядома, акупанты ніякай улады, акрамя ўласнай, не прызнаюць. Так было і тады: немцы прыйшлі як акупанты і паводзілі сябе адпаведным чынам. Яны 25 лютага выгналі з памяшкання Народнага Сакратарыята службоўцаў, забралі касу, сарвалі бел-чырвона-белы сцяг. Праз некаторы час у выніку перагавораў 28 лютага нямецкая ваенная адміністрацыя дазволіла дзейнасць Народнага Сакратарыята.

Заняўшы тэрыторыю да Дняпра, немцы па прапанове Расіі зноў пайшлі на перагаворы і 3 сакавіка 1918 г. у Брэсце паміж Расіяй і Германіяй быў падпісаны трактат аб міры (Брэсцкі мір). Пра Беларусь у тэксце трактата нават не згадвалі, яе тэрыторыю сталі расцягваць на кавалкі суседнія краіны.

Такія абразлівыя стаўленні да Беларусі выклікалі новы выбух нацыянальнай свядомасці. 9 сакавіка 1918 г. адбылося пасяджэнне Выканкама Ўсебеларускага з'езду, у якім таксама ўдзельнічалі прадстаўнікі некаторых мясцовых радаў, земстваў, гарадскога самакіравання. На гэтым пасяджэнні была прынятая Другая ўстаўная грамата, якая мела канстытуцыйны характар. Цяпер краіна абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай. Выканкам Усебеларускага з'езду быў пераўтвораны ў Раду БНР, якая атрымлівала заканадаўчую ўладу (старшыня – Іван Серада). Выканаўчая ўладу (урад БНР) ажыццяўляў Народны Сакратарыят (старшыня – Язэп Варонка).

Другая ўстаўная грамата сцвярджала сацыялістычныя прынцыпы, шанавала правы нацыянальных групаў, касавала прыватную ўласнасць на зямлю, якая перадавалася тым, хто на ёй працаваў, уводзіла васьмігадзінны працоўны дзень. Па сваім дэмакратызме канстытуцыйныя беларуская Грамата стаіць вышэй за канстытуцыю савецкай Расіі 1918 г. У БНР ніхто не пазбаўляўся права выбіраць і быць абраным. Была абвешчана свабода слова, друку, сходаў, забастовак, хаўрусаў, “безумоўная вольнасць сумлення”, недатыкальнасць асобы і жылля.

Затое забаранялася вайна супраць рэлігіі і ўсялякая цэнзура.

БНР паўставала як дэмакратычная сацыялістычная дзяржава.

Насуперак стандартным абвінавачванням савецкіх часоў, што БНР – гэта стварэнне нямецкіх акупантаў, сучасныя гісторыкі пераканаўча даказалі, што немцы да фармавання вышэйшых дзяржаўных структураў Беларусі ніякага дачынення не мелі. Чальцы Рады і ўрада БНР былі прадстаўнікамі беларускага народа, абранымі на І Ўсебеларускі з’едзе яшчэ ў снежні 1917 г., і яны сталі на шлях рэалізацыі таго курса, які спрабаваў акрэсліць з’езд.

Разам з тым некаторыя беларускія дзеячы не былі задаволены Другой устаўной граматай, паколькі яна не вызначала адносіны з іншымі дзяржавамі. 23 сакавіка 1918 г. А.Луцкевіч прапанаваў Народнаму сакратарыяту абвясціць незалежнасць БНР.

25 сакавіка 1918 г. пасля працяглага абмеркавання на пасяджэнні Рады была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць БНР. Ужо 27 сакавіка была апублікавана пастанова аб арганізацыі мясцовага апарата ўлады, аднак яе практычнае ажыццяўленне пачалося толькі летам.

Урад БНР разгарнуў актыўную міжнародную дзейнасць. Незалежнасць БНР прызналі Ўкраіна, Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Чэхаславакія. Консульствы БНР былі адкрыты ў Германіі, Польшчы, Даніі, Турцыі і Расіі.

БНР выдавала сваім грамадзянам беларускія пашпарты, зацвердзіла ў якасці дзяржаўнай сапраўды нацыянальную сімволіку: свой дзяржаўны герб – “Пагоню” (узброены рыцар на кані), які з’яўляецца адным з самых старажытных у Еўропе, і свой дзяржаўны бел-чырвона-белы сцяг. 12 красавіка 1918 г. Народны Сакратарыят БНР прыняў пастанову аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай і абавязковай для грамадзянаў рэспублікі. 11 кастрычніка 1918 г. была прынятая часовая Канстытуцыя БНР.

Значных поспехаў БНР дасягнула ў развіцці асветы і культуры. Паводле розных падлікаў, працавалі ад 150 да 350 школ. Падрыхтоўка настаўнікаў вялася ў Свіслацкай семінарыі і Мінскім педінстытуце. У красавіку 1918 г. была заснавана Мінская вышэйшая музычная школа, якая неўзабаве пераўтварылася ў Беларускую кансерваторыю. У красавіку 1918 г. была створана падрыхтоўчая камісія для адкрыцця Беларускага ўніверсітэта ў Мінску, у якую ўвайшлі А. Смоліч, М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі і інш. Па ініцыятыве І.Луцкевіча ў 1918 г. была створана першая беларуская навуковая ўстанова – Беларускае навуковае таварыства ў Вільні. Выдаваліся беларускія кнігі, часопісы і газеты. Гэта таксама трэба мець на ўвазе, таму што ў савецкіх падручніках усё гэта падавалася як заслуга бальшавікоў. На самой справе яны ішлі па слядах дзеячаў БНР.

Як сведчанне аўтарытэту БНР можна разглядаць той факт, што па запрашэнні У.Леніна новы кіраўнік урада БНР А.Луцкевіч у лістападзе 1918 г. наведаў Маскву з метай нармалізаваць двухбаковыя адносіны. Аднак менавіта ў гэтыя дні стала вядома аб рэвалюцыі ў Германіі і яе капітуляцыі ў вайне. Бальшавікі зноў вярнуліся да сваёй ідэі сусветнай камуністычнай рэвалюцыі. Цікавасць да БНР прапала, яна ім толькі перашкаджала. Усялякія кантакты з БНР былі спынены. Савецкая Расія не прызнала незалежнасці нашай краіны і 17 лістапада Чырвоная Армія пачала наступленне на Беларусь. 10 снежня чырвонаармейцы захапілі Мінск, а 5 студзеня 1919 г. – Вільню. 

Рада і ўрад БНР, каб не быць арыштаванымі, мусілі выехаць з Мінска ў Гродна, а пасля ў эміграцыю – спачатку ў Літву, потым у Чэхаславакію.

Галоўнай заслугай дзейнасці ўрада БНР у 1918 г. было тое, што ён азнаёміў грамадскасць суседніх краін з наяўнасцю беларускага нацыянальнага руху, акрэсліў этнічныя межы Беларусі, прадухіліў яе падзел паміж суседнімі дзяржавамі (Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой) як "нічыйнай" тэрыторыі. Пасля шматгадовага ўціску і прыніжэння беларусы паўсталі як еўрапейскі народ, які абвясціў сваё гістарычнае права на месца пад сонцам.

На гэтым гісторыя БНР не скончылася. У траўні 1919 г. зноў пачынаюцца баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі. На гэты раз паміж Польшчай і Савецкай Расіяй. Польскі ўрад марыў аб “Вялікай” Польшчы, у якую ўваходзіла б і значная частка сучаснай Беларусі, а расійскае кіраўніцтва ў сваю чаргу марыла аб стварэнні савецкай Польшчы.

Да восені 1920 г. абедзве краіны выдахліся. Частка Беларусі аказалася вольнай: палякі адышлі, чырвоныя не прыйшлі. 14 лістапада 1920 г. у Слуцку быў скліканы з’езд для арганізацыі ўлады і абароны Беларускай Народнай Рэспублікі. Каля 10 тыс. беларусаў уступілі ў беларускае войска. 27 лістапада пачаліся баі з Чырвонай Арміяй. Нягледзячы на няроўнасць сілаў, абаронцы БНР на лініі Капыль – Цімкавічы – Вызна (цяпер Чырвоная Слабада) нават мелі поспехі і амаль месяц улада БНР утрымлівалася ў 15 валасцях.

Омская дывізія і іншыя расійскія часці пасля месяца ўпартых баёў прымусілі беларусаў адступіць за раку Лань, дзе яны былі раззброены палякамі і змешчаны ў лагер для інтэрнаваных асобаў. Так скончыўся найбольш востры этап барацьбы за захаванне Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларускія землі зноў сталі разменнаю манетаю паміж Польшчай і Расіяй.

Нягледзячы на ліквідацыю БНР, беларускім патрыётам удалося стварыць не проста беларускі ўрад, а Беларускую Народную Рэспубліку, якая на доўгія гады зрабілася ўзорам сапраўды нацыянальнай дзяржаўнасці. Сімвалам гісторыі і сімвалам надзеі засталася Рада БНР у эміграцыі. У розныя гады яна знаходзілася ў Парыжы, ЗША, Канадзе. Зараз Раду БНР у эміграцыі ўзначальвае Івонка Сурвіла, беларуска, якая пражывае ў Таронта (Канада). У апошнія гады Рада папоўнілася прадстаўнікамі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху, якія па палітычных матывах былі вымушаны пакінуць сваю радзіму.

Натуральна, можна паставіць пытанне, чаму так упарта адмаўлялася БНР у савецкія часы ды і зараз мы бачым спробы адсунуць яе на задворкі?

Часткова адказ ужо дадзены. Падкрэслім наступнае: працэс аднаўлення беларускай дзяржаўнасці выспяваў паступова, можа, нават марудна ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Еўропы і Расійскай Імперыі, але няўхільна. У неверагодна цяжкі час, насуперак перашкодам суседзяў з усходу і захаду, паслядоўна і юрыдычна бездакорна прайшла працэдура абвяшчэння БНР. За вельмі кароткі час існавання БНР беларусы зрабілі вялізарны рывок ва усведамленні сябе як народа, як нацыі. Гэта выдатна разумела бальшавіцкае (найперш расійскае) кіраўніцтва, ідэалогія якога не пазбавілася імперскіх поглядаў. Беларусам усімі сродкамі ўбівалі ў галовы, што БНР была створана нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Тое, чым мы павінны ганарыцца, ператваралі ў варожае для беларусаў.

Пераканаўча даказана, абвяшчэнне БНР прымусіла Леніна і яго хеўру, сцяўшы зубы, пайсці на абвяшчэнне БССР у студзені 1919 г.

Пасля распаду СССР у 1991 г. была абвешчана незалежная Рэспубліка Беларусь, пра якую ў сучаснай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі сказана: “РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ, незалежная ўнітарная дэмакратычная сацыяльна-прававая дзяржава, абвешчаная ва ўмовах распаду Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. З’яляецца правапераемніцай Беларускай Народнай Рэспублікі (абвешчана 9.3.1918) і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (утвopaнa 1.1.1919)”. Адмаўляць БНР сёння – значыць ігнараваць волю ўласнага народа, якую ён праявіў у далёкім 1918 годзе.

І калі нават еўрапейская супольнасць у гэтым годзе адзначае 90-годдзе БНР, то чаму ж нам, грамадзянам Рэспублікі Беларусь, не адзначыць гэтую дату як адну з самых славутых у нашай гісторыі. Прыйшла пара афіцыйна засведчыць гэты дзень як галоўнае агульнадзяржаўнае свята. Але ня будзем чакаць, калі ўлады зробяць гэты крок, а самі адзначым наша свята.

Віншую ўсіх чытачоў са святам адраджэння беларускай дзяржаўнасці, са святам 25 сакавіка.

                                                                                    Алесь КАДАНЧЫК,

                                                                                     кандыдат гістарычных навук

 

Надвор'е ў Горках
Информация сайта pogoda.by

на форумах

Пры перадрукоўцы матэрыялаў гіперспасылка на http://horki.info абавязковая
© 2008 horki.info
кантакты | мапа сайта | пра сайт

DATE.BY | поиск, новости, работа, погода, фото | Беларусь, Минск 21.BY - Cтартовая страница Беларуси! Удобный вход на лучшие белорусские ресурсы. Web-камера - прямое вещание из центра Минска! Новости, Статьи, Знакомства, ТВ-программа, Афиша, Погода, Интернет-магазины, Объявления, Справки... Rating All.BY