|
14.01.2008 г. |
Удалым, маладым і моцным цяжка зразумець, што значыць быць чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі. Такія людзі часта не маюць паўнавартаснага жыцця. Ім цяжка рабіць кар’еру, заводзіць сем’і, гадаваць дзяцей. Не ўпасці ў роспач, не апусціць рукі, ісці ўпэўнена па жыцці – самае складанае выпрабаванне для тых, каго мы прывыклі называць інвалідамі. Для іх невялікая ўвага з боку можа быць добрым падарункам на святы. Такі падарунак вырашылі зрабіць некалькі актывістаў нашага горада. Няхітрыя сюрпрызы, цёплыя размовы, усмешкі пад “стары Новы год” прыйшлі ў некалькі дамоў Горак, дзе жывуць людзі з абмежаванымі магчымасцямі.
Адзін з удзельнікаў і завадатараў падзеі Андрэй Юркоў распавёў, што спіс “найбольш цяжкіх інвалідаў” удалося атрымаць у адной мясцовай грамадскай арганізацыі. Усё астатняе – справа жадання. Разам са сваімі сябрамі сп.Юркоў абышоў за ўчорашні і сённяшні вечар болей за дваццаць кватэраў, дзе зімовыя ўрачыстасці, магчыма, былі не такімі бесклапотнымі, як да гэтага прызвычаілася бальшыня з нас. У кожнай кватэры проста размаўлялі пра жыццё, пра год, які ўжо надышоў, а таксама пра тое, што заўжды знаходзіцца месца на добрыя справы. Дык давайце і мы зробім што-небудзь добрае ў гэтыя дні. Для старой суседкі па пляцоўцы. Да нямоглага на вуліцы. Для сваіх блізкіх, знаёмых і незнаёмых. |
Дадаць каментарый