У Магілёве адбыўся ўстаноўчы сход дабрачыннага грамадскага аб'яднання “Кропля жыцця”. На сходзе дзесяць донараў-заснавальнікаў зацвердзілі статут аб'яднання і пастанавілі падаць ва ўправу юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму дакументы на рэгістрацыю.
Старшынём адзінай у Беларусі донарскай няўрадавай арганізацыі абраны Ігар Каваленка.
“Мы будзем донарскім прафсаюзам, будзем бараніць правы і законныя інтарэсы донараў. У беларускім донарстве крыві і плазмы шмат праблемаў, але ёсць дзве найбольш значныя. Донараў пазбавілі двух важных кампенсацыяў – пяцідзесяціпрацэнтнай зніжкі на набыццё медычных прэпаратаў і бясплатнага зубапратэзавання.
Акрамя таго, донары часта становяцца ахвярамі памылковых дыягназаў. Ім забараняюць здаваць кроў, потым выяўляюць памылку, але людзей не аднаўляюць у донарскіх правах. Механізмаў развязання такіх праблемаў у Беларусі няма. Такія донары маюць патрэбу ў рэабілітацыі. Гэтым ніхто не займаецца”, - зазначыў “Свабодзе” па сканчэньні сходу Ігар Каваленка.
Арганізацыя будзе дзейнічаць у Магілёве і Магілёўскім раёне.
У чэрвені група магілёўскіх донараў праводзіла тыднёвы папераджальны страйк супраць скасавання льготаў. Донарам удалося захаваць саракапрацэнтную надбаўку да пенсіі, магчымасць сыходзіць у адпачынак у любы зручны час. Акрамя таго, толькі магілёўскія донары адстаялі бясплатны праезд у грамадскім транспарце ў межах гораду.
Магілёўская станцыя пералівання крыві мае на ўліку каля пяці тысяч донараў. Ад 2004 году іх колькасць штогод змяншаецца на 8 працэнтаў.
Радыё «Свабода»
|
Дадаць каментарый