Абноўлена
У суботу прайшла сустрэча з дэпутатам парламенту ад Горак. Тацяна Асмалоўская прыняла подпісы супраць будаўніцтва АЭС і прызналася некалькім сотням Горацкіх жыхароў, што галасавала за ліквідацыю льгот.
У залу Раённага цэнтру культуры прыйшло нечакана шмат людзей. Гэта звязана з тым, што сустрэча адбылася па ініцыятыве саміх грамадзянаў. Ім давялося сабраць болей за 400 подпісаў, каб нарэшце выклікаць дэпутатку са сталіцы ў родны горад і задаць ёй пытанні.
Асноўнае, што турбавала людзей былі льготы, камунальная гаспадарка і вяртанне ўкладаў (на апошняе відавочна паўплывала праца “памаранчавага” Кабінету міністраў ва Украіне).
Грамадзяне скардзіліся на залітыя вадою падвалы, дзіравыя дахі, вечныя праблемы з каналізацыяй, ацяпленнем і панельнымі дамамі. Былыя работнікі вядомага на ўвесь рэгіён “Белросу” (гэтая фірма валодае рэстаранным комплексам “Парнас” у цэнтры Горак) патрабавалі паспрыяць таму, каб ім нарэшце выплацілі заробкі, якія абяцаюць вярнуць ужо болей за год.
Сацыяльны ўдар на сябе цалкам узяло кіраўніцтва Горацкага раёну, камунальных службаў і галоўных прадпрыемстваў ды ўстановаў. Першыя асобы гораду з’явіліся на сустрэчу з грамадзянамі, каб таксама выказацца па існых праблемах. Пакуль чыноўнікі адказвалі на пытанні, з зала прагучала рэпліка, што ўсе названыя праблемы існуюць дзесяцігоддзямі, а ўлады ўсё яшчэ іх не вырашылі.
Калі паўстала пытанне пра нашумелую адмену ільготаў давялося адказваць самой спадарыні Асмалоўскай. Яна заявіла, што галасавала за тое, каб у студэнтаў, пенсіянераў, інвалідаў і чарнобыльцаў забралі льготы. На погляд “прадстаўніцы народу” яна мела права галасаваць без абмеркавання гэтай праблемы з жыхарамі Горак. Маўляў, яны ўжо выбралі яе ў 2004 годзе, а значыць, даверылі вырашаць такія пытанні без дадатковых кансультацыяў.
Нечакана ўзнікла пытанне пра кампенсацыю грошай, якія пагарэлі ў савецкім “Ашчадным банку” ў пачатку 90-ых гадоў на рахунках грамадзянаў. Прысутныя цікавіліся, ці не збіраецца кіраўніцтва Беларусі зрабіць гэтак сама, як і Юлія Цімашэнка. У адказ мясцовыя чыноўнікі параілі звярнуцца ў суд.
Напрыканцы сустрэчы каардынатар Горацкай антыядзернай групы Пятро Маланачкін перадаў дэпутатцы болей за тысячу подпісаў грамадзянаў з заклікам не будаваць у Горацкім раёне АЭС.
“Я паважаю вашу працу. Я прымаю гэтыя подпісы, хаця і не бачу альтэрнатывы ядзернай энергетыцы”, – заявіла спадарыня Асмалоўская на развітанне.
|
Дадаць каментарый