|
Колькi будзем плацiць за кватэру? |
|
21.10.2007 г. |
|
Плацяжы камунальшчыкам растуць пастаянна. У жнiўнi гэтага году ў параўнаннi са снежнем мiнулага аплата паслугаў жыллёва-камунальнай гаспадаркi вырасла на 5,7 працэнта. Пры гэтым плата за электра- i газазабеспячэнне павялiчылася на 20 працэнтаў, за водазабеспячэнне — на 5,9 працэнта. Аплата кватэры ўжо не пад сiлу многiм. Да пачатку восенi жыхары краiны недаплацiлi камунальнікам 42 мiльярды рублёў. У барацьбе з даўжнiкамi камунальнiкi адключаюць iм святло, газ, ваду, iх перасяляюць у жыллё меншай плошчы. Але спiс даўжнiкоў не надта скарачаецца.
Колькi ж будзем плацiць за кватэру гэтай зiмой? Чыноўнiкi запэўнiваюць, што да канца году камунальныя тарыфы павышацца не будуць. Аб гэтым заявiў нядаўна на сустрэчы з журналiстамi начальнiк упраўлення камунальнай гаспадаркi i энергетыкi Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi Беларусi Аляксандр Лiтвiн. “Па росце тарыфаў гэты год закрыты, i мы да канца году да гэтай тэмы не вяртаемся”, — адзначыў ён.
З пачатку ацяпляльнага сезону чакаецца такая сярэдняя плата за жыллёва-камунальныя паслугi.
За аднапакаёўку — 81,4 тысячы рублёў. Летам плацiлi 49,7 тысячы рублёў. Плата за двухпакаёўку зiмой складзе 122,2 тысячы рублёў (летам было 74,6 тысячы). За трохпакаёвую кватэру прыйдзецца выкласцi 170 тысяч рублёў (летам было 101,7 тысячы).
Гэта да новага году. А што будзе потым — невядома. Чыноўнiкi на гэту тэму канкрэтных лiчбаў не называюць. Як будзе ў новым годзе? Ясна, што тарыфы вырастуць. Вось толькi на колькi i калi?
Андрэй РУСАКОВIЧ, "Народная воля" |
Дадаць каментарый