У магілёўскіх крамах не стае масла ды маргарыну, выбар цвёрдых сыроў таксама вельмі сціплы. У гэтым пераканаўся карэспандэнт "Свабоды", які наведаў цэнтральныя ўніверсамы Магілёва.
У гандлёвай залі ўніверсаму прадавачкі прадэманстравалі асартымент малочнай прадукцыі, якім яны гандлююць. Дэфіцыт масла і маргарыну з'явіўся прыкладна паўтара месяцы таму. Раней пакупніку прапаноўвалі да пятнаццаці гатункаў масла, цяпер - толькі тры. Паскардзіліся прадавачкі і на невялікі выбар цвёрдых сыроў. А вось малака ды смятаны ў краме хапае.
Асноўнай прычынай недахопу малочнай прадукцыі гандляркі лічаць вываз у Расію.
А што гавораць пакупнікі гэтай крамы? Вось меркаванне спадарыні, якая штодня заходзіць у краму пры канцы працоўнага дня. Цяпер яе не задавальняе выбар малочнай прадукцыі: "Асартыменту, які мне хацелася б бачыць, я ў канцы працоўнага дня не бачу. Масла - можа, месяц таму было найменняў дзесяць, цяпер добра, калі будзе тры найменні. Няма сыроў цвёрдых". Вось што мяркуюць іншыя пакупнікі. Аднаго найбольш хвалююць цэны на малочныя харчы, а не іхны асартымент: "Цэны на месцы не стаяць, вядома. Скачуць - не дагнаць. Ясна, хацелася б нейкай стабільнасці болей-меней". Другі, сталага веку спадар, кажа: "Асартымент нармальны. Вось учора малака ўзяў, смятанкі ў краме браў, альбо на кірмашы ў нас свабодна прадаюць. Толькі, праўда, падыходзіць трэба ранкам".
У аблвыканкаме пераконваюць, што праблемаў з малочнымі харчамі на Магілёўшчыне няма. "Не ведаю, што людзі кажуць на вуліцы. А ў нашы крамы мы цяпер даём на 10% больш, чым раней. І пакажыце мне краму, дзе не хапае", - зазначае старшыня абласнога камітэту па сельскай гаспадарцы аблвыканкаму Валеры Ліцвінаў. Спадар Ліцвінаў усё ж неадназначна ацэньвае ўдзел малочных заводаў у экспарце прадукцыі: "Малочныя заводы атрымліваюць прыстойныя грошы невядома за што. Яны цяпер усё гатовыя вывезці. Што, гэта іхнае малако? Калі ім сёння, як гаворыцца, сініца ў рукі трапіла, то гэта не значыць, што так будзе заўсёды. Заўтра ці пазаўтра рынак зменіцца. Рынак жа - жывы арганізм. Такога не бывае, каб такі высокі кошт трымаўся".
Паводле афіцыйнай інфармацыі, Магілёўскі малочны камбінат "Бабуліна крынка" ад сёлетняга студзеня экспартаваў у Расію 561 тону цвёрдага сыру. Штомесяц прадпрыемства вывозіць у РФ сорак найменняў малочнай прадукцыі на паўтары тысячы тон. |
Дадаць каментарый